flag

Belarus

god_kachestva2024-removebg-preview.png

Версия для слабовидящих

Новости колледжа

Шляхам спасціжэння таямніц творчасці

Калі вы яшчэ не былі на выставе “Крокі творчасці”, якую зладзілі навучэнцы і выкладчыкі мастацкага аддзялення нашага каледжа, то абавязкова наведайце Выставачную залу па вуліцы Болдзіна.

Тут вельмі прыгожа размясціліся навучэнскія работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Разнастайныя па тэхніцы выканання (есць тут і кераміка, батык, вышыўка, тканыя габелены, выцінанка), незвычайныя па мастацкай форме і творчай задуме – яны прыцягваюць увагу наведвальнікаў, прымушаюць углядацца ў іх і нават разважаць.

Днямі адбылося адкрыцце выставы. Навучэнцы акцерскага аддзялення, якія таксама робяць свае першыя крокі ў творчасці, падрыхтавалі адмысловую праграму, у якой знайшлося месца гарэзлівым мімам, непаўторнаму Чарлі, эстрадным спевакам. А калі вы ніколі не трымалі ў руках пэндзля, то гэта ні ў якім разе не замінала вам выказаць свае запаветныя мастацкія думкі на дрэве пажаданняў, тым больш што побач увесь час знаходзіўся, хай сабе і пачынаючы, але сапраўдны мастак. А яшчэ падчас выставы можна было сфатаграфавацца ці зрабіць уласнае сэлфі … адразу ў мастакоўскай рамцы.

У адкрыцці выставы бралі ўдзел дырэктар музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, мастак, мастацтвазнаўца Святлана Строгіна (яна ж – выкладчык гісторыі мастацтва ў нашым каледжы), магілёўскія мастакі Андрэй Вераб’ёў і Фёдар Кісялёў. Апошні – член Беларускага саюза мастакоў, літаральна месяц таму быў уганараваны медалём Францыска Скарыны. Адкрыла выставу намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Пятроўна Гохт... І зрабіла свой першы крок у творчасці, пакінуўшы на дрэве пажаданняў сваю маляванку.

Дададзім, што выстава на Болдзіна – гэта не проста экспазіцыя творчых работ, але яшчэ і арт-прэзентацыі, і творчыя сустрэчы з вядучымі педагогамі мастацкага аддзялення каледжа, сярод якіх – члены Беларускага саюза мастакоў, удзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў (У.Н. Пахаўцоў, Ю.М.Несцярук, С.С. Лункевіч-Адамовіч; А.М. Варанкевіч, М.У. Грудзінава, А.П.Папуцьева і іншыя).

Выстава – вынік сумеснай дзейнасці навучэнцаў і выкладчыкаў, яшчэ адзін крок на шляху спасціжэння таямніц творчасці, якая здольна ператварыць гэты свет па законах прыгажосці і гармоніі.

P.S. У ролях:

Экспазіцыю выставы аформілі выкладчыкі мастацкага аддзялення каледжа (кіраўнік, загадчык аддзялення Марына Уладзіміраўна Грудзінава).

Аўтар праграмы адкрыцця і вядучая – выкладчык рэжысуры Таццяна Уладзіміраўна Шарстнёва.

Другі вядучы – Аляксандр Мухамораў, навучэнец групы 4Д-2 (спецыяльнасць “Народная творчасць. Народныя святы і абрады”).

Чарлі – выкладчык харэаграфічнага мастацтва Леанід Аляксандравіч Карыткін.

Мімы – навучэнцы групы 2Д (спецыяльнасць “Акцёрскае мастацтва”).