flag

Belarus

god_kachestva2024-removebg-preview.png

Версия для слабовидящих

Новости колледжа

Увага! Вопыт!

30.05.2020

20200610 100738

Беларуская мова, як паветра.

Ім проста дыхаюць.

З 25 мая 2020 года ў рамках «Метадычнай асамблеі: ідэі, вопыт, перспектывы» арганізавана выстава-прэзентацыя абагульнення перадавога педагагічнага вопыту выкладчыка вышэйшай катэгорыі цыклавой камісіі філалагічных дысцыплін і дакументацыйнага забеспячэння кіравання, магістра педагагічных навук Шарковай Алены Міхайлаўны.

Атрымаўшы дыплом з адзнакай ва ўстанове адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Куляшова», Алена Міхайлаўна пачала прафесійнае станаўленне ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса. З 2004 года Шаркова А.М. выкладала дысцыпліны прафесійнага кампанента ва ўстанове адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А.С. Пушкіна». За час працы ў каледжы Алена Міхайлаўна займала пасады выкладчыка, метадыста, загадчыка завочным аддзяленнем. Сёння Алена Міхайлаўна ўзначальвае цыклавую камісію філалагічных дысцыплін і дакументацыйнага забеспячэння кіравання, а таксама вядзе выкладчыцкую дзейнасць у нашым каледжы. За прафесіяналізм ўзнагароджана ганаровымі граматамі ўстановы адукацыі і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, мае падзяку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У сучасным свеце, калі беларускамоўныя тэксты шырока выкарыстоўваюцца, пачынаючы ад дзелавой дакументацыі і правядзення перамоў да IT-асяроддзя, актуальным напрамкам у дзейнасці выкладчыка з’яўляецца развіццё маўленчай і прафесійнай беларускамоўнай падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне вядзення справаводства.

На працягу многіх гадоў Алена Міхайлаўна вядзе дзейнасць па распрацоўцы сістэмных матэрыялаў, якія спрыяюць фарміраванню лінгвістычных кампетэнцый у навучэнцаў спецыяльнасці «Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання».

Практыка выкарыстання комплексу спецыяльных практыкаванняў і сістэмнай пазаўрочнай работы ўвайшла ў апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці Шарковай А.М. «Асаблівасці фарміравання лінгвістычнай кампетэнцыі навучэнцаў пры беларускамоўнай падрыхтоўцы ва ўмовах прафесійнага навучання».

Аснову працы складае аналіз выкарыстання на вучэбных занятках і ў самастойнай працы навучэнцаў матэрыялаў вучэбна-метадычнага комплексу, выкарыстанне розных формаў работы з моладдзю на факультатыўных занятках, у гуртковай працы, а таксама навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў.

У асабістым метадычным багажы Алены Міхайлаўны – тыпавая вучэбная праграма па дысцыпліне «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» для спецыяльнасці «Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання», навучальны дапаможнік «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» (Мінск, РІПА), электронны тэарэтычны дапаможнік «Беларуская мова (прафесійная лексіка)», мноства іншых дыдактычных матэрыялаў, апрабаваных на практыцы.

З мэтай развіцця лінгвістычных кампетэнцый навучэнцаў у 2017 годзе ўведзены факультатыў «Супастаўляльны курс справаводчай лексікі рускай і беларускай моў». Алена Міхайлаўна распрацавала вучэбна-праграмную дакументацыю, комплекс практыкаванняў, накіраваных на фарміраванне ведаў і разуменне асаблівасцяў, выкарыстанне рускай і беларускай моў у прафесійнай дзейнасці будучымі сакратарамі-рэферэнтамі.

Адным з напрамкаў работы з навучэнцамі для Шарковай А.М. з’яўляецца літаратурная творчасць. Амаль 10 гадоў яна кіруе літаратурным гуртком «Натхненне». Пад кіраўніцтвам выкладчыка навучэнцы не толькі спасцігаюць асновы напісання паэтычных і празаічных твораў, але і арганізоўваюць штогадовую літаратурную экспазіцыю ўласных работ на беларускай мове «Беларуская мова ў сэрцы маім». Лепшыя з твораў з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх сродкаў друку.

Найвышэйшым этапам у працэсе развіцця лінгвістычнай кампетэнцыі Алена Міхайлаўна лічыць навукова-даследчую дзейнасць навучэнцаў: «Прафесійна-тэрміналагічная лексіка ў сучасным офісе», «Супастаўляльны аналіз прафесійнай лексікі сакратара-рэферэнта на рускай і беларускай мовах».

У завяршэнні хочацца адзначыць, што сваімі педагагічнымі знаходкамі і метадычнымі распрацоўкамі Алена Міхайлаўна актыўна дзеліцца з усімі, прымаючы ўдзел у час міжнародных канферэнцый і на старонках перыядычных выданняў «Народная асвета», «Беларуская мова і літаратура», «Прафесійная адукацыя» і іншых.


Хацкова М.В., метадыст